СЁМКАЎ ГАРАДО́К,
вёска ў Папярнянскім с/с Мінскага р-на. За 14 км на ПнЗ ад Мінска. 171 ж., 73 двары (2001). Клуб. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — касцёл Прасвятой Тройцы (2-я пал. 19 ст.).
Вядомы з сярэдзіны 16 ст. пад назвай Гарадок Саламярэцкі, уласнасць Саламярэцкіх. З 1595 у складзе маёнтка Сёмкава Мінскага пав., з 1755 уласнасць Хмараў, пры якіх пабудаваны касцёл. У 1791 у Заслаўскай парафіі. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці. У 1800 у Гарадку Хмарыным 141 ж., 12 двароў, млын, корчмы, царква Раства Багародзіцы, дзе ў 1880-я г. вянчаліся бацькі М.Багдановіча. У 1861 тут 368 ж., 117 двароў, вал. ўправа, бровар, піва- і медаварні, цагельны з-д, царква, сінагога, у 1897—305 ж., 53 двары, царква, капліца, нар. вучылішча (адкрыта ў 1865), царк.-прыходская школа. У 1905—06 у маёнтку С.Г. працаваў Я.Купала, у крас.-маі 1922 — Я.Колас. У 1924—60 вёска, цэнтр сельсавета Заслаўскага р-на, з 1959 у Мінскім р-не. У Вял. Айч. вайну 27.6.1941 у ваколіцах С.Г. адбыліся жорсткія абарончыя баі.
А.І.Валахановіч.
т. 14, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)